Распавесці сябрам:
Мы радыя прадставіць адну з самых незвычайных работ японскага рэжысёра Хаяо Міядзакі ў беларускай агучцы.
3-5 жніўня на ў кінатэатры «velcom cinema» пройдуць ДАДАТКОВЫЯ паказы стужкі «Падымаецца вецер», якая расказвае гісторыю авіяканструктара Дзіра Харыкосі. На беларускую мову фільм перакладзены праектам «Беларускія ўікэнды» кампаніі «Кінаконг» пры падтрымцы velcom.
Анімацыя заснавана на падзеях з жыцця японскага авіяканструктара Дзіра Харыкосі, які стаў вынаходнікам вядомых японскіх знішчальнікаў. Акрамя сапраўднага лёса вынаходніка Харыкосі, яшчэ адной перадумовай для стварэння фільма паслужыла ўласная біяграфія Міядзакі: у некаторых персанажах можна пазнаць яго бацькоў, а адлюстраваны ў фільме свет – гэта свет іх маладосці. Галоўны герой, Дзіра Харыкосі, паказаны летуценнікам, якім з’яўляецца сам Міядзакі: вядома, што да таго, як стаць мульціплікатарам, ён хацеў быць авіяканструктарам. У аснове сюжэта таксама ляжыць апавяданне пісьменніка Тацуа Хоры «Падымаецца вецер». Слоганам фільма можа служыць цытата самога Дзіра Харыкосі: «Усё, чым я хацеў займацца, – гэта рабіць нешта прыгожае».
Упершыню «Падымаецца вецер» быў прадстаўлены ў 2013 годзе на 70-м Венецыянскім кінафестывалі. У той жа самы кінасезон стужка атрымала прэмію кінакрытыкаў Нью-Ёрка і прэмію Нацыянальнага савета кінакрытыкаў ЗША як лепшы мультфільм года, трапіла ў асноўныя конкурсныя намінацыі прэмій «Оскар» (2014) і «Залаты глобус» (2014). Там, на прэзентацыі ў Венецыі, Міядзакі аб’явіў аб заканчэнні кар’еры. Зрэшты, у 2016 годзе ён перадумаў. Аднак наступнага фільма прыхільнікам майстра давядзецца чакаць некалькі год, так што «Падымаецца вецер» на дадзены момант – апошняя скончаная работа рэжысёра.
Перад фільмам «Падымаецца вецер» вядомы мульціплікатар выпусціў стужку «Рыбка Поньё», якая таксама была прадстаўлена на беларускай мове ў межах нашага праекта. У чэрвені і ліпені прайшло каля 50 сеансаў «Рыбкі Поньё» па-беларуску.