Падатак
Падатак — абавязковы плацёж, які дзяржава спаганяе зь фізычных і юрыдычных асобаў. Падаткі бываюць простыя, якімі абкладаюцца прыбыткі і маёмасьць, і ўскосныя, выплата якіх ажыцьцяўляецца пакупніком тавару ці паслугі. Дзеля збору падаткаў існуе адмысловая дзяржаўная падатковая структура, у Беларусі такую функцыю выконвае міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, якое паўстала яшчэ ў 1990 годзе.
Падаткі ў бальшыні краінаў сьвету зьяўляюцца асноўнай крыніцай даходаў сучаснай дзяржавы і асноўным інструмэнтам фінансаваньня ейнай палітычнай сыстэмы і выконваньня іншых задачаў. З-за фінансавага ўзьдзеяньня на ўсіх грамадзянаў і складаных падатковых законаў падаткі й іншыя зборы зьяўляюцца паўсядзённым палітычным і сацыяльным прадметам спрэчак. Кожны падатак, як і збор, мае самастойны аб’ект падаткаабкладаньня, пры гэтым спагнаньне выплатаў па адным і тым жа аб’екце можа ажыцьцяўляцца толькі адзін раз на адпаведны падатковы пэрыяд. Пад аб’екты падаткаабкладаньня падпадаюць тавары, працы і паслугі.
У дачыненьні да бальшыні падаткаў дзеля вызначэньня суб’екту спагнаньня важным фактарам зьяўляецца рэзыдэнства грамадзяніна, якое базуецца на пэрыядзе сталага пражываньня ў краіне. Гэтак, у Беларусі грамадзянін становіцца суб’ектам спагнаньня падаткаў, калі стала пражывае на тэрыторыі краіны больш за 183 каляндарныя дні на год[1]. Са шматлікімі краінамі маюцца пагадненьні аб выключэньні выпадкаў падвоенага падаткаабкладаньня.
Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Падаткі падзяляюцца на:
- простыя, якімі абкладаюцца даходы і маёмасьць
- ускосныя (напрыклад, акцыз), цяжар якіх ускладаецца на пакупніка тавару
Функцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- фіскальная: падаткі — адна з асноўных крыніцаў папаўненьня дзяржаўнае казны. За іх конт фармуецца дзяржаўны бюджэт.
- рэгулёўная: праводзячы падатковую палітыку, дзяржава ўзьдзейнічае на каньюнктуру, стымулюе або стрымлівае эканамічны рост
- сацыяльная: выроўніваньне даходаў розных групаў насельніцтва.
Атрыбуты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пры ўсталяваньні падатку вызначаюцца:
- плацельшчыкі падатку
- аб’ект падатку
- падатковая база
- падатковая стаўка
- парадак і тэрміны ўплаты
Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
19 сьнежня 2002 г. А.Лукашэнка падпісаў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь № 116-З, які складаўся з 89 артыкулаў[2]. Паводле 3-га артыкула Кодэкса, падатковае заканадаўства ўлучала: законы; дэкрэты, указы і распараджэньні прэзыдэнта Беларусі; пастановы ўрада Беларусі; нарматыўныя прававыя акты рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня, органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня. У 10-м артыкуле Падатковага кодэкса падаткі падзяляліся на рэспубліканскія і мясцовыя. Таксама вылучаліся зборы і мыты. Паводле 10-га артыкула, «Да асобых рэжымаў падаткаабкладаньня адносяцца:
- спрошчаная сыстэма падаткаабкладаньня;
- падаткаабкладаньне ў свабодных эканамічных зонах;
- падатак на ігральны бізнэс;
- падатак на лятарэйную дзейнасьць;
- адзіны падатак для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі;
- адзіны падатак зь індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобаў, якія ажыцьцяўляюць рэалізацыю тавараў (работ, паслуг);
- падаткаабкладаньне асобных катэгорыяў плацельшчыкаў»[3].
Паводле 41-га артыкула Падатковага кодэкса, падатковая база ўяўляе сабой вартасную ўласьцівасьць прадмета падаткаабкладаньня. «Падатковая стаўка ўяўляе сабой велічыню падатковых налічэньняў на адзінку вымярэньня падатковай базы». Паводле 49-га артыкула, пры пратэрмінаваньні выплаты «Выкананьне падатковага абавязку забясьпечваецца наступнымі спосабамі: 1.1. закладам маёмасьці; 1.2. паручальніцтввам; 1.3. пенямі; 1.4. прыпыненьнем апэрацыяў па рахунках у банках; 1.5. арыштам маёмасьці». Пагатоў у 52-м артыкуле за кожны дзень «Працэнтная стаўка пеняў прымаецца роўнай 1/360 стаўкі рэфінансаваньня Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якая дзейнічае на дзень выкананьня падатковага абавязку»[3].
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Работаете за границей? Заплатите налоги! lastrada.by
- ^ А.Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (заканчэньне) // Зьвязда : газэта. — 10 студзеня 2003. — № 5-6 (24689-24690). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б А.Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (пачатак) // Зьвязда : газэта. — 9 студзеня 2003. — № 4 (24688). — С. 2, 3. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Падатак — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў