У Дзень Волі Ірына ішла па сваіх справах — у чырвоных ботах, паліто і берэце, — калі побач з ёй спыніўся бус.
«Затрымалі, нічога не тлумачачы, пасадзілі ў аўтобус, адвезлі ў РУУС. Для мяне гэта было нечакана. Наколькі разумею, усё праз адзенне непадыходзячага, па меркаванні міліцыі, колеру. Хоць я вельмі люблю белы і чырвоны і даўно іх нашу — і ў побыце, і на працы. Пытанняў да адзення раней не ўзнікала. Зараз ужо апасаюся, — усміхаецца жанчына. —
Пасля ў РУУС сказалі, што я занадта прыгожа апранутая, каб спакойна хадзіць па вуліцах. Склалі пратакол, напісалі, што я прымала ўдзел у недазволеным мітынгу з мэтай выказвання сваіх палітычных поглядаў. Адпусцілі ўночы, бо ў мяне дачка непаўнагадовая».
Кадр з відэа затрымання
Суд адбыўся 12 красавіка. Справу вяла суддзя Кастрычніцкага раёна Вольга Няборская. Сведкай выступаў супрацоўнік пад кодавым прозвішчам Мазанік. Паказанні ён даваў па скайпе, невядома, ці ў балаклаве: экран паставілі так, каб не было відаць. Па словах Ірыны, і пры затрыманні, і на судзе было шмат працэсуальных парушэнняў, але гэта не перашкодзіла прызнаць яе вінаватай і выпісаць 90 базавых (2610 рублёў) штрафу.
«Думаю, такі вялікі штраф далі, таму што я не прызнала віну, добра абаранялася, іх жа законы прыводзіла ў якасці аргументаў. Суддзя нервавалася, некалькі разоў пыталася нават, ці не хачу я адвод ёй заявіць. Я збіраюся ісці далей, абскарджваць рашэнне. Спадзяюся, што атрымаецца. Для медыка гэты штраф — вялікія грошы».
У Ірыны 15 гадоў доктарскага стажу. Адным з месцаў працы была 37-я гарадская паліклініка, яна ўладкавалася туды па сумяшчальніцтве чатыры гады таму. Пасля затрымання 25 сакавіка пачаліся праблемы. Сёння быў яе апошні працоўны дзень у паліклініцы.
«Мяне звольнілі з 14 красавіка нібыта па пагадненні бакоў, але насамрэч былі выразныя ўказанні — тэлефанавалі з камітэта па ахове здароўя і пыталіся, якія меры прынятыя па мне», — расказвае доктар, як хутка з ёй развіталіся.