15 сакавіка спаўняецца роўна 25 гадоў з таго дня, як была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Кампанія “Будзьма беларусамі!” сустрэлася з Мечыславам Грыбам, старшынёй Вярхоўнага Савета дванаццатага склікання, які падпісаў галоўны закон краіны, каб паразмаўляць пра стварэнне Канстытуцыі, 90-я як час надзей, Саюзную дзяржаву і сёлетні перапіс насельніцтва.
Як стваралася Канстытуцыя
Праект Канстытуцыі распрацоўваўся больш за чатыры гады, і гэта была складаная праца: мы тады былі невялікімі спецыялістамі ў выпрацоўцы галоўных законаў краіны. Былі створаныя дзве працоўныя групы: адна на чале з намеснікам старшыні Вярхоўнага савета Васілём Шаладонавым, другая, альтэрнатыўная, — пад кіраўніцтвам Віктара Ганчара.
Дзве гэтыя групы амаль год працавалі паралельна, сустракаліся, спрачаліся. А пасля года працы камісія “над групамі”, вырашыла, што варта гэтыя групы аб’яднаць. Сябры камісіі былі пастаянныя, не памятаю, каб нехта з дэпутатаў з яе выходзіў. Змяняліся старшыні: спачатку быў Дземянцей, пасля яго — Шушкевіч, а ў 1994 годзе камісію ўзначаліў я.
Працаваць даводзілася ў складаных абставінах, эканамічны стан краіны быў цяжкім, распаўся Савецкі Саюз, разам з ім зніклі і сувязі паміж краінамі. Беларусі як “зборачнаму цэху” гэта было няпроста перажыць. Што цікава, нас тады больш турбавалі ўнутраныя справы краіны, знешніх пагроз, як цяпер, тады не было.
Да стварэння Канстытуцыі мы імкнуліся прыцягнуць як мага больш людзей, праект двойчы друкаваўся ў рэспубліканскай газеце: мы заклікалі людзей дасылаць прапановы. Прапановаў было вельмі шмат, але не ўсе былі па справе. Тым не менш частка адмяталася, частка прымалася.
Мы праводзілі кансультацыі з адпаведнымі службамі іншых краін, накіроўвалі праект у Расію, Украіну, Вялікабрытанію, Францыю, Польшчу. Нават у Венецыянскую камісію дасылалі — нам патрэбныя былі заўвагі, прапановы, крытыка.
У нас былі спрэчкі на тэму таго, якой будзе краіна — парламенцкай ці прэзідэнцкай, спрэчкі па ўзросце кандыдата ў прэзідэнты: першапачаткова ўзрост мусіў быць не ніжэйшым за 45 гадоў, але спыніліся ў выніку на больш дэмакратычным варыянце ў 35. Былі спрэчкі пра тое, як мусіць абірацца прэзідэнт — на сесіі Вярхоўнага савета ці прамым галасаваннем.
Як прымалася Канстытуцыя
Кожны артыкул Канстытуцыі складаецца з некалькіх частак. Галасавалі за часткі, калі прымалі іх — галасавалі за артыкул цалкам. Каб артыкул быў прыняты, было неабходна набраць не меней за дзве траціны галасоў. Пасля галасавалі па раздзелах, потым па падраздзелах і гэтак далей.
Так да сакавіка 1994 артыкулы былі пройдзеныя і прынятыя, заставалася прыняць Канстытуцыю цалкам. Галасаванне прызначылі на 15 сакавіка.
Яно гэта было няпростым — вызначылі тэрмін у дзве-тры гадзіны, ставілі мэтай, каб кожны з дэпутатаў узяў удзел у галасаванні. Яно было таемным — дэпутаты маглі прагаласаваць “за”, “супраць” і не галасаваць увогуле. І так атрымалася, што канстытуцыйнай большасцю мы Канстытуцыю прынялі. Я асабіста падпісаў яе: не толькі як старшыня Вярхоўнага Савета, мне даручылі падпісваць Канстытуцыю спецыяльнай пастановай.
Пра надзеі 90-х
Так, цяпер 90-я часцяком згадваюць як час надзеяў. Мы сталі незалежнай краінай, зразумела, надзеяў хапала. Але ў такім самым стане аказаліся і іншыя краіны былога СССР, у тым ліку Расія. Што цікава, вось гэтымі надзеямі змаглі скарыстацца прыбалтыйскія краіны, у астатніх жа надзеі хутчэй растрэсліся і згубіліся. Надзеі надзеямі, а разлічваць трэба толькі на сябе, а не спадзявацца, што нехта за цябе ўсё зробіць.
Пра выбары
Так, я неаднаразова казаў, што, відаць, першага прэзідэнта Беларусі варта было б прызначаць Вярхоўнаму Савету. Як бы гэта магло змяніць гісторыю сучаснай Беларусі? Нам тады здавалася, што людзі самі ўсё зразумеюць і абяруць таго, каго палічаць вартым. Прэзідэнт для Беларусі тады быў новай асобай, новай пасадай — вакол усе абіралі лідараў, а мы чым горшыя за астатніх? Прыбалты і Малдова пайшлі іншым шляхам, і на пераходныя першыя гады ўвялі парадак абрання парламентам.
А што тычыцца Беларусі… Калі б мы далі магчымасць абраць першага (а можа, і другога прэзідэнта) Вярхоўнаму Савету, то хутчэй за ўсё быў бы абраны Кебіч. Склад Вярхоўнага Савета быў вельмі “чырвоны” і камуністычны. Я калі цяпер назіраю за Кебічам, чытаю ягоныя кнігі, разумею, што ён вельмі прарасійскі, прасавецкі. Калі б быў абраны ён, цяжка сказаць, што б атрымалася, але наўрад ці што добрае.
Калі б кіраўніка краіны прызначаў Вярхоўны Савет, было б прасцей змяніць аднаго прэзідэнта на іншага — гэта як старшыню абіраюць: прагаласавалі і ўсё. Ніякіх імпічментаў, нічога такога. Але мы гэтым шляхам, на жаль, не пайшлі.
Пра Канстытуцыю і Саюзную дзяржаву
Цяпер ізноў шмат вядзецца размоваў пра Саюзную дзяржаву. Рэч у тым, што нармальна Саюзную дзяржаву стварыць немагчыма, асабліва з тымі падыходамі, якія абмяркоўваюцца цяпер. Няма магчымасці аб’яднаць дзве краіны на роўных правах. Мы абіраем саюзны парламент, каб кожны дэпутат абіраўся ад аднолькавай колькасці выбаршчыкаў? Тады дэпутатаў ад Расіі будзе ў пятнаццаць разоў болей, чым беларускіх, якія ў такім парламенце нічога не могуць рабіць. І так з усімі формамі улады, тры з паловай працэнты супраць 96 расійскіх. Так мы страчваем суверэнітэт і незалежнасць.
Кожны артыкул той дамовы ад 1999 года супярэчыць беларускай Канстытуцыі, нават сённяшняй, якую дзейныя ўлады мянялі. Паводле артыкула нумар восем міждзяржаўныя пагадненні такога кшталту заключацца не могуць. Тое самае тычыцца і агульных органаў улады, і валюты. Але тым не менш гэтае пагадненне падпісалі. У Канстытуцыі прапісана, што мы ствараем сваю крэдытна-валютную сістэму, а тут мы можам аддаць гэтае права іншай дзяржаве. Ці ўлада ў краіне належыць народу Беларусі, а цяпер мы хочам частку гэтай улады аддаць іншай дзяржаве. І мы ставім на кон сваю незалежнасць.
У свеце няма прыкладаў, каб дзве краіны аб’ядноўваліся ў агульную дзяржаву на роўных правах. Па тэорыі дзяржавы і права ёсць краіны ўнітарныя (як Беларусь), федэральныя (як Расія), канфедэральныя (як ЗША) і ёсць саюзы дзяржаваў — як Еўрапейскі саюз, ці азіяцкія саюзы, ці афрыканскія. А саюзных дзяржаваў няма, бо забяспечыць роўня правы немагчыма.
Тая дамова дала Беларусі магчымасць карыстацца таннымі энергарэсурсамі, але было зразумела, што тое доўжыцца вечна не будзе. І калі скончыцца не цяпер, то скончыцца ў 2024 годзе.
Пра змены ў Беларусі за 25 гадоў
Я лічу, што нейкія змены адбыліся, але не настолькі шмат і не настолькі радыкальныя. Беларусь у сваім палітычным і эканамічным стане засталася самай савецкай рэспублікай з усіх краін СССР. Дамагчыся нечага большага сёння цяжка. Я не эканаміст, але сачу за падзеямі, якія цяпер адбываюцца. І я прыхільнік тых, хто прапануе рэформы.
Грамадскае ўладкаванне патрабуе сур’ёзных рэформаў, дэмакратызацыі, улада гэтага не хоча і баіцца. Але у жыцці ўсё заканчваецца, і я веру, што рэформы і дэмакратыя прыйдуць у Беларусь.
Што тычыцца “мяккай беларусізацыі”, то я яе хацеў бы бачыць не зусім “мяккай”, як было прадугледжана Канстытуцыяй 1994 года. У краіне адна мова, усе дзяржаўныя ўстановы мусяць працаваць на гэтай мове, як тое адбываецца па ўсім свеце. Калі ты жывеш у нейкай краіне і хочаш нечага дасягнуць — вучы мову гэтай краіны.
Перавесці ж усе ўстановы на беларускую мову ў 1994-м было немагчыма, тое таксама вымагала часу, некалькіх гадоў, але, на жаль, такога не адбылося.
Пра БНР-100 і БНР-101
Святкаванне БНР-100 мне спадабалася. Уладзе няма сэнсу змагацца з БНР, але нейкія прусакі ў галовах ёсць. Я чуў выказванні пра сто першыя ўгодкі, ад іх патыхае нейкай асабістай крыўдай. Калі людзі хочуць свята, дык чаму не святкаваць? Сам я, на жаль, ужо не хаджу на такія мерапрыемствы. Але вы заўважце, што ў мінулым годзе ўлада неяк больш святкавала ўгодкі БНР, чым нават БССР.
Пра перапіс і знешнія пагрозы
Да перапісу варта вельмі дэталёва рыхтавацца, як апазіцыі, так і ўладзе. У Беларусі расійскіх СМІ значна больш, чым беларускіх. Варта працаваць з людзьмі. Кіраўніцтва краіны можа звярнуцца да насельніцтва, каб людзі абазначалі сваю нацыянальную прыналежнасць. Скіраваных на Расію людзей у нас шмат, і калі ўлады кажуць, што 98 працэнтаў супраць уваходжання ў склад Расіі, гэта не так.
Калі з людзьмі працаваць, то колькасць тых, хто запішацца беларусам, дацягне да 80 працэнтаў, а можа ж апусціцца да 60-70, і гэта будзе дрэнна. Мы ў сацыял-дэмакратычнай партыі рэагуем на такія падзеі, накіроўваем прапановы ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Мы лічым, што Беларусь павінная быць парламенцкай рэспублікай, а пасада прэзідэнта — прадстаўнічай. Мы хочам вярнуцца да Вярхоўнага Савета.
А што тычыцца перапісу і знешніх пагроз, то трэба выступаць, расказваць людзям пра тое, хто яны, не вымушаць іх запісвацца беларусамі, а менавіта расказваць. Каб людзі ганарыліся сваёй прыналежнасцю да Беларусі.
Бо мы не зганьбіліся як нацыя, як народ, нас паважалі і паважаюць, і гэтым трэба ганарыцца.
размаўляў Юрась Ускоў