Улетку жывеш неістотным. У прынцыпе, усё, што завецца культурай, – рэч абсалютна залішняя. Без ежы ніяк. Без сну не працягнеш. Без сэксу сумна. Без вопраткі зябка. А вось без Пятай сімфоніі Бетховена? Або філасофіі Марціна Хайдэгера? Без Ленана з Макартні, першага нацыянальнага, Джымі Хендрыкса, бонсцікаў і ўсяго Купалаўскага тэатра? Ды лёгка!
Многія так і жывуць. І нічога, не скардзяцца. Але ж не. Ім усё адно хочацца большага. Бо чалавек адрозны ад іншых звяроў здольнасцю задаваць пытанні. Разважаць. Марыць і мроіць. Будаваць паветраныя замкі і сыходзіць у ментальны партызанінг. Адчуваць смак жыцця і ператвараць яго ў тэксты. Сэнс паэзіі – у цьмянасці яе прызначэння і нявызначанасці наступстваў.
Вершы пазбаўляюць спакою. Яны руйнуюць наш звыклы лексікон і ставяць словы не на тыя месцы. Дакладней, на прызначаныя аўтарам месцы. Абсалютна неабавязковыя з пункту гледжання здаровага сэнсу.
Вось бульба – зразумела. Сто грам пад настрой – мілая справа. Каб нічога не балела і на жыццё хапала? Дакладна і ясна. А “шестикрылый Серафим на перепутье мне явился” – неяк дзіўна. “Смерть – это все мужчины, галстуки их висят…” – глупства нейкае. «Я стаю на мяжы, я іду па нажы» – наогул чыстая правакацыя.
Паэзія расце там, дзе звычайных жыццёвых пратаколаў робіцца замала. Гэта раз’ятраны слоўнік у пошуках новых значэнняў.
Хто не чуў еўтушэнкаўскае “поэт в России больше, чем поэт”? Але ж, па-першае, мы – не Раcія. А па-другое, так было за саветамі. У свеце барацьбы ідэяў і масавых экстазаў. Стадыённыя паэты 60-х аказаліся непасрэднымі спадкаемцамі сталінскай культурнай наменклатуры: “Ах, пісьменнікі прыехалі!”. Інжынеры чалавечых душ. Праграмісты нашых сэрцаў. Капітаны нягеглых.
Няма таго, што раньш было. Вершы больш не справа абраных. Цяпер яны жывуць як вулічныя графіці, хіп-хоп угар і сеткавыя сігналы. Нізавая стыхія спантаннага культурнага крэатыву.
Сёння рыфмуюць нават у аптэчных кіёсках. Часам удала. Часцей недарэчна. Але, калі шчыра, я люблю наіўныя вершы. Яны як наіўны жывапіс: працуе – і добра! Дайце самародку шанец, і з яго вырасце набеліст. Як гэта здарылася з Дыланам.
Грані паэзіі дзіўныя, яе межы невідавочныя. Дзе жывуць вершы да вершаў? Хто ведае, калі праб’е на слова? Гарантыяў няма. Рэцэптаў не бывае. Што ёсць? Вечны тонус бадзяжнага ката.
Калі ты ў тэме, то заўсёды гатовы да тэксту. Вершы – не кіношны экстаз, а практыкі чакання. Павольнага выспявання гранічнай засяроджанасці і адначасова суцэльнага адвязу. Калі ты завостраны як бельгійскі нож і гатовы парэзаць свет на радкі.
З чаго пачынаецца верш? З рытму. З інтанацыі. З настрою. Ён працуе як стэнаграма думкі. Ягоны рух – галоўная прынада для слухача, што ляціць услед за аўтарам па зігзагах фразіроўкі, скрозь зараснікі метафараў да эфектнай канцоўкі. Гэта хуткія шахматы. Паэзія сёння звычайна гуляе бліц. Доўга ўжо амаль не пішуць. І гэта як бы кепска: толькі заехаў – і ўжо на выхад. Але па сутнасці правільна: калі зачапіла – вернешся.
Паэзія – клуб змененых станаў. Тут магчымае ўсё, у чым аўтар гатовы пазнаць сябе. Хочаце скрозь люстэрка? Вам да паэтаў. Да сапраўдных паэтаў. Каб ад чытання мароз па скуры.
Дамовіцца з імі складана. Дрэсіраваць не выходзіць. Вось чаму ў гісторыі пострэвалюцыйнай краіны быў «філасофскі параход» – а паэтычнага не было. Чырвоная ўлада разумнікаў высылала. А паэтаў душыла ў лагерах і расстрэльных казематах.
Паэзія – практыкаванні ў свабодзе думкі. І ў той жа час – школа парадку. Дэманстрацыі структураванага выказвання. Верш фарматуе душэўныя станы і дазваляе словам складацца ў вобразы. Ён вучыць фільтраваць базар, трымаць рытм, будаваць карцінку. Ці інакш: досвед паэзіі вучыць глыбей адчуваць і ярчэй выказвацца. Проста таму, што маеш настрой на перажыванне і актыўны слоўнік пад рукой.
Аднак пісаць вершы зусім не абавязкова. У прынцыпе хапае статусу дасведчанага юзера. Здольнага кваліфікавана спажываць якасны прадукт і не атручвацца вербальным хлудам.
Насамрэч паэзія – не рамяство, а стыль і почырк. Свабодны тэхнічны рух у прасторы жыццёвага дыскамфорту і побытавых траблаў. Спалучэнне пачуццяў, тэкстаў і ўчынкаў. Пачатковец у гэтым свеце чытае вершы ў пошуках яркіх маркераў для ўласнага жыццёвага праекта. Сталы жыхар штодзённасці мае сваю палітру і свае маркеры. Ён не заўсёды паэт слова. Але амаль заўжды паэт жыцця.
Паэзія – гэта паказальныя палёты, выкладанне невыказнага. Найперш прабівае эмоцыя. Потым бачыш алюзіі і цытаты. Каштуеш якасць зборкі. Як бы зразумеў. Нібыта засвоіў. Але ўсё роўна часта прамінаеш галоўнае: вершык – не паштоўка з Цэнтра, а правакатар росту душы.
Няважна, як ён сашрубаваны. Важна, што з ягонай нагоды адбылося з табой.
Урэшце, геній аўтара вымяраецца талентам чытача. А найлепшы чытач – той, хто здольны, падсілкаваўшыся чужым драйвам, сысці ў адкрыты тэкст свайго жыцця.
І тае бяды, што ў ім не ўсё гладка з рыфмоўкай…
Максім Жбанкоў, budzma.by