28 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працаваць часовая экспазіцыя “1919. Беларуская Рэспубліка” (да 100–годдзя абвяшчэння БССР і 95–годдзя беларусізацыі).
Стварэнне і ўмацаванне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі сталі ключавымі этапамі гісторыі, пасля якіх нават суседзі не змаглі абмінуць пытанне волевыяўлення беларусаў як палітычнай нацыі. Дзякуючы гэтаму зараз мы жывём у незалежнай краіне.
Кожны з этапаў дзяржаватворчага працэсу ў першай чвэрці ХХ ст. меў надзвычай важнае значэнне для стварэння і ўмацавання беларускай дзяржавы ў наступныя дзесяцігоддзі.
У снежні 1917 г. быў скліканы Усебеларускі з’езд, на якім прадстаўнікі беларускіх арганізацый і партый, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі, кансалідавана выказаліся за вылучэнне са складу дэлегатаў з’езда органа краявой улады – Усебеларускага савета сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Менавіта гэтаму органу краявой улады было наканавана працягнуць барацьбу за рэалізацыю ідэі беларускай дзяржаўнасці. Савет Усебеларускага з’езда, як орган улады, паклаў пачатак дзяржаватворчых працэсаў як у форме Беларускай Незалежнай Рэспублікі, так і ў форме Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. 1 студзеня 1919 г. быў прыняты маніфест аб стварэнні Часовага сялянскага рабоча–рэвалюцыйнага ўрада Беларусі. У рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці прымала ўдзел вялікая колькасць асобаў рознай палітычнай арыентацыі, тым не менш усе іх намаганні ўрэшце прывялі да стварэння беларускай дзяржавы.
Поспехі, дасягнутыя ў эканамічным развіцці, тэрытарыяльнае ўмацаванне беларускай дзяржавы ў гэты час, шырокае разгортванне дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі – усё гэта спрыяла кансалідацыі беларускай нацыі.
На дадзенай экспазіцыі прадстаўлены прадметы са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва–музея літаратуры і мастацтва, Цэнтральнага архіва КДБ Рэспублікі Беларусь і іншых.
Для наведвальнікаў арганізаваны інтэрактыўныя раздзелы экспазіцыі, у якіх можна зрабіць фотаздымкі ў гістарычных фотазонах, азнаёміцца з біяграфіямі гістарычных асоб і інтэрактыўнай картай асноўных месцаў падзей.
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Мінск, вул. К.Маркса, 12
Тэл.: (017) 327–43–22
Падзея ў Facebook