“Будзьма беларусамі!” – гэта грамадская культурніцкая кампанія, ініцыятарам і каардынатарам якой з’яўляецца Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Кампанія дзейнічае з 2008 года з мэтай паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Яе падтрымліваюць і грамадскія ініцыятывы, і бізнес, і інфармацыйныя агенцтвы, і спартовыя клубы, і творцы, і розныя актыўныя крэатыўныя людзі, якія падзяляюць агульную мэту і хочуць бачыць сваю краіну квітнеючай і прагрэсіўнай. Каардынатарамі кампаніі з’яўляюцца Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская.
Глядзі таксама: Асобы кампаніі “Будзьма!”
Мэта кампаніі — развіццё беларускага грамадства на глебе нацыянальных каштоўнасцяў. “Будзьма беларусамі!” дапамагае ўсвядоміць і папулярызуе каштоўнасці, што ёсць у нашых людзях, мове, шматвяковай гісторыі і культуры Беларусі. Для нас галоўнае — павага чалавека да беларускай культуры, а не яго этнічная прыналежнасць.
У межах кампаніі ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія дэманструюць, што беларуская культура — сучасная і перспектыўная, а беларуская мова — якасны сродак камунікацыі. З 2016 года кампанія абвясціла акцыю “Разам да справы”, мэта якой не толькі асвета, але і матываванне актыўных, але часта разрозненых частак грамадства да супольных дзеянняў, да аб’яднання досведу на карысць агульнай справы, каб зрабіць лепей якасць жыцця пэўнага асяродка, мястэчка ці горада, а ўсім разам – нашай краіны.
Для тых, хто гатовы і хоча сам актыўна ўдзельнічаць у працэсе стварэння культуры, для прафесіяналаў і аматараў, мы стварылі на сайце “адмысловы раздзел — у ім вы знойдзеце:
– бібліятэку неабходных тэарэтычных ведаў і карысныя спасылкі;
– досвед рэалізацыі паспяховых культурніцкіх праектаў;
– відэа з найцікавейшых дыскусійных падзей кампаніі, што адбываюцца ў розных гарадах Беларусі;
– палемічныя матэрыялы пра розныя аспекты культурніцкага жыцця.
Сярод самых адметных праектаў кампаніі — штогадовы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак!”, ток-шоў і “Кірмашы праектаў”, камунікацыйныя праграмы “Пяцісотгоднасць”, “Краіна цмокаў” і “Культура паляпшае жыццё”, анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!” (альбо “Гісторыя Беларусі за 5 хвілінаў”), музычны праект “Тузін.Перазагрузка”, серыя фільмаў-вандровак “Край|BY”.
Пра дзейнасць кампаніі можна падрабязна даведацца праз сайт www.budzma.by, які стаў адметным інфармацыйным рэсурсам, унікальнай пляцоўкай, дзе можна знайсці не толькі культурніцкія навіны і абвесткі, але і цікавыя анлайн-праекты, дыскусійныя матэрыялы на актуальныя для грамадства тэмы і шмат іншай карыснай інфармацыі.
1 кастрычніка культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” адзначае сваё з’яўленне. За гады дзейнасці кампаніі дзясяткі арганізацый, ініцыятываў падтрымалі ідэю аб’яднання з мэтай папулярызацыі беларускай культуры і далучыліся да кампаніі, каб прасоўваць трэнд беларускага як сучаснага і перспектыўнага. Сярод буйных праектаў — штогадовы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак!”, камунікацыйныя праграмы “Краіна Цмокаў” і “Культура паляпшае жыццё”, музычны праект “Тузін. Перазагрузка” і аднайменная анімацыя “Будзьма беларусамі!”