У Брэсце адбылася сустрэча з бургамістрам Злаценца (Польшча).
Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” зладзілі сустрэчу з бургамістрам Злаценца (Польшча) Кшыштафам Захаржэўскім. Арганізацыйным партнёрам выступіла агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”. Сустрэча адбылася 2 снежня ў Брэсце і была прысвечаная эфектыўнаму мясцоваму самакіраванню.
Кшыштаф Захаржэўскі, на думку польскіх СМІ, — адзін з самых сучасных бургамістраў Польшчы. Ён лічыць, што найбольш выгадныя інвестыцыі — гэта ўкладанне ў чалавечы капітал, а асноўныя прынцыпы працы мясцовай улады — адкрытасць, даступнасць, крэатыўнасць, удзел.
Пра сваю пасаду
У мяне першы тэрмін па пасадзе бургамістра. На маю думку, цяпер праходзяць працэсы, падчас якіх з кіраўнічых пасадаў сыходзяць старыя людзі, а на іх месца з прыходзяць маладыя з новымі ідэямі і мэтамі. Як бы банальна ні гучала, але я прыйшоў, каб зрабіць нешта лепей. У мяне няма асабістых інтарэсаў: няма бізнесу, а кар’ера для мяне не вельмі істотная.
Пра празрыстасць бюджэту
Мы перыядычна выпускаем буклет, у якім дакладна публікуем, з чаго складаецца бюджэт, на што і ў якім памеры ён быў выдаткаваны. Гэта вельмі істотна, бо мы інфармуем жыхароў і даем ім мажлівасць кантраляваць выдаткі бюджэту, прымаць рашэнні пра тое, як ён будзе рэалізаваны. Кожная сям’я горада разам з квітанцыяй аб аплаце атрымлівае такі буклет у пачатку года.
Пра камунікацыю з жыхарамі горада
У інтэрнэце ў нас ёсць старонка, праз якую можна задаваць мне пытанні і агучваць прапановы. Але ледзь не ўсе жыхары горада ведаюць, што ў мяне ёсць Messenger ад Фэйсбука, таму большасць абірае менавіта такі сродак камунікацыі — так атрымліваецца і зручней, і хутчэй. Любы жыхар горада можа напісаць мне ў Messenger. Таксама я арганізую так званыя “Прабежкі з бургамістрам”: два разы на тыдзень бегаю на стадыёне ў пэўныя дні і гадзіны. Любы жыхар горада можа там паразмаўляць са мной асабіста ў нефармальнай абстаноўцы.
Пра “грамадскі бюджэт”
Калі людзі чагосьці вельмі хочуць, то “грамадскі бюджэт” — найлепшы сродак для рэалізацыі гэтага. Праходзіць конкурс праектаў: самі жыхары прапануюць ідэі, пішуць праекты, пазней самі і галасуюць за іх. Пераможца конкурсу праектаў рэалізуецца за сродкі з бюджэту.
Пра вырашэнне праблемаў, калі не хапае бюджэту
У нас ёсць праблема: праз увесь горад праходзіць хуткасная магістраль, вельмі небяспечная для жыхароў. У нас няма сродкаў, каб зрабіць адпаведную інфраструктуру: усталяваць святлафоры, дадатковыя пераходы і знакі, “ляжачыя паліцэйскія”. У спісе на дарожнае фінансаванне горад быў на 370-м месцы… І што мы зрабілі? Пачалі ладзіць акцыі пратэсту разам з жыхарамі горада, каб прыцягнуць увагу СМІ да праблемы! Паволі-паволі, але нешта пачынае будавацца, праблема вырашаецца.
Злаценец – горад у Польшчы, які ўваходзіць у Заходнепаморскае ваяводства, Драўскі павет. Мае статус гарадской-сельскай гміны. Займае плошчу 32,28 км² з насельніцтвам каля 15 тысяч.
У межах майстар-класа адбылася таксама дыскусія з прысутнымі, якая закранала галоўным чынам беларускія практыкі. Акрамя Кшыштафа Захаржэўскага слова ўзялі Дзмітрый Шыманскі з агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” і Ірына Амельянчук з грамадскай арганізацыі “Абарона правоў жывёлаў”.
Дзмітрый Шыманскі распавёў пра пілотны праект “Дзедзіча”, які скіраваны на актывізацыю суседскай супольнасці ў адным з раёнаў Брэста. Адно з мерапрыемстваў, якое адбывалася ў межах гэтага праекту – фестываль “Арэлі”, пра які наш сайт пісаў раней.
Ірына Амельянчук распавяла пра шматлікія і рознабаковыя ініцыятывы брэсцкіх абаронцаў жывёл, а таксама прывяла шэраг пазітыўных прыкладаў ангажавання грамадзян-валанцёраў.
Глядзіце таксама: