Музей Якуба Коласа
Тэлефон: 284-17-02;
6 снежня а 12-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў конкурсу творчых работ “Жыве паэт між намі тут!”
Конкурс праходзіў з 4 кастрычніка 2017 года па 4 лістапада 2017 года. У конкурсе прынялі ўдзел дзеці ад дзесяці да шаснаццаці гадоў. На адрас музея прыйшло каля двухсот работ з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія ў мастацка-вобразнай форме адлюстоўваюць значэнне творчасці Якуба Коласа для сучаснай моладзі.
Работы ацэньваліся па ўзроставых катэгорыях у трох асноўных намінацыях:
- “З кожнай мясцінкі зямлі можна пачаць дарогу. Коласу-празаіку”;
- “Нясуцца зыкі песень здольных. Коласу – паэту”;
- “Свет бязмежны – мой дом. Коласу – перакладчыку”.
На літаратурны конкурс прыйшлі вершы, эсэ, замалёўкі, літаратурная крытыка, сачыненні, пераклады, у якіх удзельнікі конкурсу разважаюць пра значэнне творчасці Якуба Коласа ў беларускай літаратуры, дзеляцца сваімі ўражаннямі ад прачытаных твораў класіка, спрабуюць свае ўласныя пісьменніцкія сілы.
У журы конкурсу запрошаны вядомыя беларускія паэты, пісьменнікі, дзеячы культуры і грамадскія дзеячы.
Лаўрэаты конкурсу і госці музея змогуць пабачыць у залах музея “ажыўшую” экспазіцыю, на якой прадэманструюцца вузлавыя моманты жыцця і творчасці Якуба Коласа.
На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання члены журы павіншуюць пераможцаў, уручаць дыпломы і памятныя падарункі.
Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
Тэл. для даведак: 284-17-02
Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by