Наркагандаль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Панамскі сухагруз, на якім памежнікі ЗША знайшлі самы вялікі груз какаіну ў гісторыі ЗША (20 тон)

Наркагандаль — гандаль наркотыкамі. Уяўляе сабою шматмільярдны бізнэс, кантраляваны арганізаванай злачыннасьцю. У 2010 г. сусьветны наркарынак склаў $72 мільярды[1].

Выраб наркотыкаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да асноўных рэгіёнаў вытворчасьці наркотыкаў адносяць:

Варта адзначыць, што Аўганістан зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам опію ў сьвеце, на яго долю даводзіцца парадку трох чвэрцяў сусьветнай вытворчасьці опію-сырцу.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 верасьня 2001 г. урад Беларусі далучыўся да Адзінага пагадненьня аб наркатычных сродках(en) 1961 году[2]. Артыкул 25 Пагадненьня прадугледжваў «Нагляд за макавай саломай» у якасьці наркатычнай сыравіны вытворчасьці опію. Артыкул 1 вызначаў: «макавая салома азначае ўсе часткі (за выключэньнем насеньня) скошанага опійнага мака»[3]. З 2004 г. на беларускім наркарынку сталі пераважаць «бубкі» (прасякнутае алькоідамі опію насеньне маку), што скарачаюць тэрмін жыцьця яго спажыўцоў да 2 год[4]. «Бубкі» пачалі пастаўляцца ў Беларусь у 2003 г., што міліцыя выявіла ў 2005 годзе. «Бубачнікі» склалі абсалютную большасьць наркаманаў, якія калоліся ў вену. Такія наркаманы ў абсалютнай большасьці хварэлі на гепатыт і вірус імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ), а таксама мелі па некалькі судзімасьцяў. У 2008 г. Цэнтар маніторынгу наркотыкаў і наркаспажываньня Гарадзенскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту на падставе статыстычнага спосабу паўторнага ахопу налічыў у Беларусі на канец 2007 г. 76,3 тыс. ін’екцыйных наркаспажыўцоў (1,3% насельніцтва ва ўзросьце 15—54 гадоў). Тым часам на ўліку Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь стаялі 10,5 тыс. наркаманаў (у 7 разоў менш)[5].

На канец 2010 г. «бубкі» ў выглядзе насеньня мака, забруджанага макавай саломай, прадаваліся праз «наркатаксі» (з замоўленага аўтамабіля), кіёскі і кватэры наркагандляроў («барыгаў»). 1 кастрычніка 2010 г. набыў моц новы дзяржаўны стандарт № 2078-2010 «Мак харчовы. Тэхнічныя ўмовы», які прадугледжваў поўную адсутнасьць дамешкаў сьмецьця ў насеньні маку. У выніку мытны дагляд стаў прыводзіць да канфіскацыі «бубачнай» кантрабанды ў грузавіках з сумежных Латвіі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны. Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь пачаў выяўляць у фурах замест заяўленай гародніны і садавіны па больш як 400 папяровых 25-кіляграмовых мяхоў з насеньнем мака (тона), забруджанага макавай саломай агульнай масай звыш 250 кг (звыш 25% ад масы мяхоў). Аднак завоз грузавымі фурамі працягнуўся з сумежнай Расеі праз удзел у Мытным зьвязе зь ёй. У рамках адзінай мытнай прасторы з Расеяй 9-ы артыкул Пагадненьня аб адзіных захадах нетарыфнага рэгуляваньня ў дачыненьні да трэціх краінаў ад 25 студзеня 2008 г. прадугледжваў: «У выключных выпадках Бакі могуць у аднабаковым парадку ўводзіць захады нетарыфнага рэгуляваньня, прадугледжаныя сапраўдным Пагадненьнем, на тэрмін, які не перавышае 6 месяцаў»[6]. У выніку гандлёвыя прадпрыемствы Беларусі сталі пераважна праводзіць закуп «бубак» на расейскіх складах у Маскве і Пецярбургу. Затым грузавымі аўтафургонамі «бубкі» перавозілі на склады пры гандлёвых цэнтрах у Менску, дзе тыя прадаваліся па $30 за кг. Адтуль «наркатаксісты» (раздробныя наркагандляры, якія прадавалі на замову з аўтамабіляў) развозілі «бубкі» па сваіх мікрараёнах. Перапродаж 30 кг забруджанага макавай саломай насеньня па $40 за кг ($10 навару на кг) даваў «наркатаксісту» $300 навара за суткі. У выніку за 15 дзён разьездаў на месяц заробак «наркатаксіста» складаў $4500, зь якіх $500 ішло на паліва і пачынку аўтамабіля, чысты прыбытак складаў $4000[5].

У 2011 г. сутачны абарот «бубак» налічваў 5,5 млрд рублёў ($981 тыс.), што складала 2007,5 млрд руб ($358,1 млн)[7] за год. Тым часам сума адміністратыўных і судовых спагнаньняў з боку Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь пры правапарушэньнях у гандлі макам за 20 месяцаў са студзеня 2010 г. па жнівень 2011 г. склала 571,3 млн рублёў ($190,8 тыс.; 20% дзённай выручкі ад гандлю «бубкамі» ў краіне). У ліпені 2011 г. Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь пачало канфіскацыі «наркатаксі» (аўтамабіляў, якія развозілі «бубкі» на замову). Крымінальная адказнасьць з адбываньнем зьняволеньня прадугледжвалася пры выцягваньні опію з насеньня мака. На пачатак лістапада 2011 г. кг «бубак» каштаваў у сталіцы Беларусі 220 тыс. рублёў ($25)[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сьвятлана Барысенка. Арганізаваная злачыннасьць цікавіцца «жывымі каштоўнасьцямі» // Зьвязда : газэта. — 4 сакавіка 2011. — № 42 (26906). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Адзінае пагадненьне аб наркатычных сродках 1961 г., папраўленае Пратаколам ад 25 сакавіка 1972 г.(анг.) // Збор дамоваў ААН, 2015 г. Праверана 27 лістапада 2015 г.
  3. ^ Адзінае пагадненьне аб наркатычных сродках(анг.) // Вікікрыніцы, 12 траўня 2011 г. Праверана 27 лістапада 2015 г.
  4. ^ Яўген Валошын. Чаму ў цэнтры сталіцы прадаецца опіюм // Зьвязда : газэта. — 25 чэрвеня 2010. — № 122 (26730). — С. 11. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ а б в Яўген Валошын. З-за чаго пастаўкі наркатычнага маку ў Беларусь не могуць спыніць // Зьвязда : газэта. — 10 лістапада 2011. — № 214 (27078). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Пагадненьне аб адзіных захадах нетарыфнага рэгуляваньня ў дачыненьні да трэціх краінаў(рас.) // Прававы партал Эўразійскага эканамічнага саюза, 6 лістапада 2012 г. Архіўная копія ад 6 лістапада 2012 г. Праверана 27 лістапада 2015 г.
  7. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2011 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2012 г. Праверана 27 лістапада 2015 г.