Наладкі, Увайсьці
Студэнты ЕГУ рашуча выступаюць у абарону Міколы Дзядка

Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта звяртаецца да міжнароднай супольнасці са спадзевам на вашую падтрымку і салідарнасць са студэнтам ЕГУ Міколам Дзядком.

Мікола Дзядок, студэнт 2 курса Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, ужо амаль тры месяцы знаходзіцца пад вартай па абсурдных абвінавачваннях у свой адрас. Наш абавязак, як яго калегаў і людзей, якім цяжка глядзець на беззаконне ў Рэспубліцы Беларусь, данесці да вас наступнае юрыдычнае заключэнне па справе Міколы Дзядка.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць не быць абыякавымі да гэтай праблемы. Мы спадзяемся, што ў гэтую адказную хвіліну не будуць заплюшчаныя вочы на праблему парушэння правоў чалавека ў Беларусі, знявагу асобы і непрытрымліванне прынцыпаў міжнароднага права. Мікола Дзядок з'яўляецца закладнікам палітычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. Як вядома, 19 снежня ў Беларусі пройдуць выбары прэзідэнта. Ёсць падставы меркаваць, што тыя злачынствы, у якіх вінавацяць Міколу, - справа рук зусім іншых асобаў. Зыходзячы з таго, што следства не мае ніводнага наўпроставага доказу, а справа вядзецца з парушэннямі і фальсіфікацыямі, можна выказаць здагадку, што Міколу хочуць ілжыва абвінаваціць у злачынствах, якіх ён не здзяйсняў, і на карысць гэтага сведчаць усе наяўныя ў нас факты.

Беларускія ўлады ўсё часцей кажуць пра "дэмакратызацыю" ў краіне. "Дэмакратызацыя" па-беларуску - у тым, што ў беларускіх турмах у закладніках па-ранейшаму трымаюць апанентаў улады і такіх людзей, як Мікола, на якіх можна павесіць хлуслівае абвінавачванне і пазбавіцца ад палітычнай праблемы (зачыніць справу пра напад на амбасаду Расійскай Федэрацыі ў Мінску).

Мы звяртаемся да людзей з высокімі маральнымі стандартамі. Мы звяртаемся да людзей, паслядоўных і прынцыповых у сваіх перакананнях і каштоўнасцях.

Мы заклікаем да салідарнасці з Міколам Дзядком!

Максім Мілто, прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.